СЛО́НІМСКІ КЛЯ́ШТАР КАНО́НІКАЎ ЛАТЭРА́НСКІХ,

помнік архітэктуры 17 ст. ў г. Слонім. Засн. ў 1635 Я.​С.​Сапегай (старэйшы сын канцлера Л.​І.​Сапегі) з наданнем маёнтка Дарава. Верагодна, волю памерлага брата выканаў у 1650 падканцлер ВКЛ, староста слонімскі К.​Л.​Сапега. Кляштарны комплекс знаходзіўся на краі рыначнай плошчы, займаў квартал паміж вул. Студэнцкай і Панасаўскай, уключаў мураваныя касцёл Божага Цела, 2-павярховы жылы і 1-павярховы гасп. карпусы, сад, агарод. Касцёл пабудаваны ў рэнесансавым стылі, меў шчытавы фасад, гранёную апсіду, бакавыя капліцы. Кляштар скасаваны ў 1832, касцёл быў перароблены пад Спаса-Праабражэнскі правасл. сабор, разбураны ў 1950-я г., з 2000 аднаўляецца.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 15, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)